Пах летнiх траў (на белорусском языке) - Вячеслав Адамчик
- Дата:18.07.2024
- Категория: Проза / Русская классическая проза
- Название: Пах летнiх траў (на белорусском языке)
- Автор: Вячеслав Адамчик
- Просмотров:0
- Комментариев:0
Возрастные ограничения: (18+) Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних просмотр данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕН! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту для удаления материала.
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Адамчик Вячеслав
Пах летнiх траў (на белорусском языке)
Вячаслаў Адамчык
Пах летнiх траў
Кожным годам, цёплым летам, калi пачынаюць касiць, я еду дадому.
Спачатку адчуваеш трапяткi сыраваты холад на душы, калi яшчэ раненька, калi яшчэ толькi прагрукоча першы трамвай, iдзеш на блiзкi прыпынак, пустою вулiцаю, не падмеценым яшчэ тратуарам i з нейкай нецярплiвасцю думаеш, што недзе сёння пасля поўдня, калi сонца спадзе на вечар, калi ўсё неяк раптам прыцiхне, чакаючы жывое расы i вiльготнае ночы, - будзеш дома.
Будзе вёска, шэрыя стрэхi, вузкая сцежка ад гумна да хаты праз картоплю, што, пэўна, недзе цвiце сумна прывялым цветам. Будзе гладкi камень каля парога. Скрып дзвярэй. Пах роднае хаты, нiзкая столь, пабеленыя сцены, завешаныя накрухмаленымi фiранкамi вокны - i надта малыя - гэта спачатку, пакуль разгледзiшся. А потым ужо порсткае цёплае сена - яно пахне горкiм чэмерам - у хлевушку на палатках, цяжкiя i сонныя ўздыхi каровы, нечы добры голас у цемнаце на вулiцы, ясная шчылiнка ў сцяне i дзiўнае адчуванне, што ты нiдзе не быў, што жыў дома, што гэтае самае было ўчора, пазаўчора, год назад, два i болей...
А тут яшчэ горад у халаднаватай ранiцы, шчэбет раннiх вераб'ёў на таполях, нiзка ляцiць галка праз вулiцу; на трамвайным прыпынку двое рабочых у запэцканых мазутам камбiнезонах, з полуднём у руках, закручаным у газету.
А потым бiтком набiты трамвай - нi стаць, нi павярнуцца, цiхi ранiшнi гоман, цiхi грукат колаў на стыках рэек. Вiдаць залiты чырванню дом узышло сонца. Нарэшце аўтобусны вакзал: каля ног у людзей чамаданы, клункi, таўкатня каля кас - i нарэшце аўтобус, вольнае месца каля акна, здаровыя скразнякi, трапечацца фiранка, i ў жанчыны, што сядзiць наперадзе, па белай шыi цячэ рэдкая пасма непрыбраных валасоў.
Кончыцца горад, пераплеценыя правады над вулiцай, мiльгатня сiнiх аўтобусаў, пойдуць нiзкiя запыленыя хаткi з вiшняком, з бэзам, з жоўтымi кветкамi ў гародчыках, i пабяжыць зялёная канава, прашумiць адзiнокая старая бярэзiна звiслым тонкiм веццем, i аўтобус мiне апошнi, зводдаль шашы, недабудаваны дом з белых сiнявата-чыстых, нiбы грудкi цукру, блокаў, з цёмнымi глыбокiмi праёмамi вокнаў. Раптам адкрыецца неба. Пойдзе поле, прастор, кавалак, як кiнуць вокам, запалавелага жыта. Вышкi, нiбы людзi, шырока i крэпка расставiўшы ногi, трымаюць цяжкiя правiслыя правады.
Першая вёска пры шашы: у нечым гародчыку поўна чырвонага маку, дзецi бягуць да аўтобуса, босыя, выцвiлi валасы на галовах - вясну i лета на сонцы без шапак; а потым шаша спадае ў лагчынку, на абочыне зашугаюць вербы ўперамежку з алешынамi. Пойдзе брук, зашуршаць колы па гладкiх каменнях, будзе мякка падтрасаць i кiдаць. I недзе з вербаў па-ястрабiнаму пырхне зязюлька i паляцiць некуды над папарамi, не ўзмахваючы крыламi. Невядома чаму ўспомнiцца даўняя прыкмета, што зязюлька падавiлася коласам i не кукуе, а значыць - пара жаць. Успомнiцца, што казала мацi: зязюлька пасля пятра перарабляецца ў ястраба i ўжо дзярэ птушак.
Аўтобус страсяне - абарвуцца думкi. I будзеш зноў глядзець у акно, будуць мiльгаць белыя слупкi - адзiн за адным - каля мосцiка, i здалёк на грудку будзе вiдаць лубiн - увесь у цвеце, ясна-жоўты, як сонца, i раптам ён запахне густым цяплом, лёгкаю пясчанаю зямлёю. I нехта, аж прыпаднiмаючыся, скажа: "Ой, як хораша!" Пойдуць далёкiя панурыя лясы. Недзе пад Негарэлым будуць iсцi па ягады кабеты ў белых хустках, будуць недзе касiць пры рэчцы за алешнiкам мужчыны без шапак, у кашулях, махаючы адзiн за адным косамi.
Потым будзе прыпынак у Стоўбцах, пасажыры наперабой пачнуць купляць чарнiцы. У Стоўбцах сядзе нейкi хлопец на першае сядзенне каля кабiны i пачне ўсё гаварыць нейкай жанчыне пра Данбас, што ён там зарабляе аж па тры сотнi i нашто сядзець дома. I будзе паглядаць на дзяўчыну, на круглыя загарэлыя каленi пад кароткаю тугою спаднiчкаю.
А потым пойдзе пясчаная дарога, пыл i маладыя хвойнiкi. Пакажацца Мiр - чырвана-шэры замак за лiпамi, брукаваны пляц каля спаленага касцёла без вежы, бярэзiнка на муры, i будзе зноў прыпынак: будуць курыць мужчыны ў скверыку, i нехта будзе садзiць дзiця за кусцiкам. Будзе яшчэ гарачыня ў Карэлiчах. Нехта астанецца, забядуюць жанчыны, што чалавеку можа спешна трэба i прыйдзецца яшчэ раз трацiцца на дарогу.
А табе будзе не цярпецца - скарэй бы дадому. А аўтобус будзе яшчэ доўга i не раз стаяць на прыпынках. I толькi, калi мiнецца Наваградак, калi за вёскамi, за жытнiмi палямi паўстануць Кашалёўскiя лясы - сырыя, цёмныя, як вечнасць, адчуеш, што ты дома. Пабяжыць шаша, густа абсаджаная паабапал бярэзiнамi, у якiх пад шнур абрэзаная i пабеленая кара, а потым замiльгаюць арабiны з жоўта-чырванаватымi чачоткамi, i ўспомнiцца, як яны чырванеюць да самай восенi: ужо ападзе лiсце, ужо шарэе белы марозiк па траве ў канавах, а на арабiнах яшчэ чырванеюць чачоткi - сумная памятка аб цяпле i леце. Прыгадаецца, як некалi малы назбiраеш iх цэлы кошык, закiнеш на гарышча на ўсю зiму на лякарства, а зiмою яны сухiя i горка-салодкiя, ясi i не крывiшся.
Мiнецца хутар воддаль шашы ў садку, у яблынях, сумны журавель над студняю. Успомнiцца, як некалi малым iшоў разам з жанчынамi па ягады i як заходзiлi сюды пiць ваду. Успомнiцца цяжкае драўлянае вядро - акованае, скрып сцюдзёнае вады на зубах, цяжка падаюць празрыстыя кроплi на густа-мяккую мураву, успомнiцца стары калодзеж, паабрастаныя зялёным мохам каменнi, далёкi i халодны бляск вады i слiзкая жабка, затоеная мiж каменняў.
Будуць пералескi, трывожная радасць, што недзе зусiм блiзка свая вёска. I раптам засiнее сваё неба - чыстае i цёплае. Пабяжыць ад шашы дарога праз ядлоўцы ў глiнiшчы - i будуць вiдаць хутары. I будзе недзе вёска за грудамi. Мiнецца пераезд. Надпiс крыжам: "Сцеражыся цягнiка", паласаты шлагбаўм.
А вось ужо вiдаць i першая Паўлюкова хата, старая груша на надворку, новы частакол.
Замiльгаюць тэлеграфныя слупы - i сонца блiсне на правадах, як маланка.
I будзе вёска. Белая, накрытая чарапiцаю Дзям'янава хата. Нехта сядзiць на надворку ва ўсiм споднiм, накiнуўшы на плечы кажух, мусiць, стары Дзям'ян.
А вось гумно каля самае шашы - iржавая бляха на страсе, надворак, абгароджаны калючым дротам.
Пара сходзiць. Ляпнуць дзверцы - i аўтобус пабяжыць далей. А для цябе раптам знiкне дарога, тыя дзесяць год, што засталiся ў горадзе, будзе спачатку нешта няпэўнае, спачатку нейкая адзiнокая, сцiшная радасць. Свая i не свая вёска, маленькая, шэрыя стрэхi, шэрыя платы, зялёны сум бярэзiн i лiп над хатамi, будзе сцежка праз чужы надворак, праз сiнi чабор з рахманымi пчоламi, праз калматы палын, дзе ляжыць ачасаная дзеравiна i пахнуць смалою падсохлыя, паскручваныя ў трубку жоўтыя трэскi. Нехта глядзiць з-за плота з-пад белае, ражком насунутае на лоб хусткi - а хто гэта прыехаў? Нечыя дзецi "робяць паравоз" - чух-чух, - сунучы па пяску ногi, i паднiмаюць за сабою цеплы мяккi пыл. Нечае рослае танканогае дзяўчо iдзе з дзяружкаю на руцэ, пэўна, па зелле i скажа першае "здрастуйце", неяк з нацiскам - "здрастуйце". I будзеш доўга думаць, чыё гэта: рыжае, рабаватае - цi не Тодарава?
Будзе адчуванне сваiх трыццацi год, вялiкiх, сталых трыццацi год. I з нейкаю крыўдаю падумаецца, што вось ужо выраслi новыя людзi ў тваёй вёсцы i як чужыя табе, а можа ты чужы для iх?
А потым - дрот каля свайго гумна, якi трэба пераступiць, i ён звiнiць гэтак цiха i трывожна, як i некалi; на частаколе плешыны выцвiлага моху, цвiце смактуха каля частаколу - i ты iдзеш, здаецца, як i некалi. Збанок сохне на плоце, у ржавай касцы стаiць вада для курэй на надворку, як i некалi. Хата зачынена - усе на полi.
Ты будзеш шукаць ключ на тым месцы - каля падрубы, дзе ён ляжаў некалi, - i, вядома, не здагадаешся, што ён цяпер вiсiць на цвiчку на сцяне пад старою памытаю анучай, покуль не прыбяжыць з поля мацi.
А прыбяжыць яна неяк скоранька, "кiнуўшы ўсё". Ёй нехта накажа, мусiць, тая Тодарава дзяўчына, што прыехаў Чэсiк.
I ты ўбачыш, як яна з поўнаю дзяружкаю зелля на спiне скiруе з вулiцы на надворак, скiруе, не паднiмаючы галавы, бо ведае сцежку па тых саломiнках, што ляжаць з поля аж до парога. I ты раптам адчуеш, што гэта яна, мацi, можа нават яшчэ не пазнаўшы. А потым падыме галаву, спачатку неяк цiха i пiльна гледзячы на цябе, i ўсмiхнецца, цi можа спярша заплача, цi будзе ўсё разам, i рукi, што бачылi цяжкую зямлю i мурзатых дзяцей, самi выпусцяць рагi дзяружкi.
- А маё ж сэрца як i чула...
А потым будзе гаворка ў хаце. А чаму гэтак зблажэў? Якавы ты? А тут у нас прыязджаў Марыльчын iнжынер - разбыўся, тоўсты, як кадаўб, i жонку прывозiў, маленькую - адзiн знак, - што ўсё з дзецьмi "на балоцi ў мячыка грала". А па зелле, нябось, нi разу не схадзiла. Цяпер свет такi, а тут вось i рук ад работы не чуеш, ведама, дзень пры днi...
А потым пра тое, што было нечае вяселле, што нарэшце-такi памерла старая Тэкля, пражыўшы якiх гадоў сто... А потым пра тое, што ў гэтае лета - няхай крые бог - надта страляюць перуны, што пад Наваградкам згарэла абора i што ў Плужанах забiла конюха. I яшчэ - што за леташнi лён нiяк вось не заплацяць.
Прыйдзе вечар, стане мякка шарэць за вокнамi. Падаiўшы карову, мацi будзе цадзiць малако на лаўцы пры печы, i яно будзе цёпла i густа шумець у конаўцы.
- Не гуляйце каля статуi Свабоды (на белорусском языке) - Владимир Орлов - Русская классическая проза
- Дзень ранняе восенi (на белорусском языке) - Вячеслав Адамчик - Русская классическая проза
- Черт - Марина Цветаева - Русская классическая проза
- Койданава (на белорусском языке) - Адам Глебус - Русская классическая проза
- Прароцтвы Розы Герцыковiч (на белорусском языке) - Владимир Орлов - Русская классическая проза
- Дзённiк (на белорусском языке) - Кузьма Черный - Русская классическая проза
- Жарынка (на белорусском языке) - Николай Ткачев - Русская классическая проза
- Млечны Шлях (на белорусском языке) - Кузьма Черный - Русская классическая проза
- Лявон Бушмар (на белорусском языке) - Кузьма Черный - Русская классическая проза
- Калiна (на белорусском языке) - Григорий Нехай - Русская классическая проза